ГІДРАСТАТЫ́ЧНАЯ ПЕРАДА́ЧА,

аб’ёмная гідраперадача, гідраўлічная перадача, дзеянне якой заснавана на выкарыстанні гідрастатычнага напору вадкасці. Бывае зваротна-паступальнага, зваротна-паваротнага і вярчальнага руху. Забяспечвае бесступеньчатае рэгуляванне скарасцей вядзёных механізмаў з малой інерцыйнасцю і аўтам. засцераганнем ад перагрузак. Уваходзіць у склад аб’ёмнага гідрапрывода машын.

Гідрастатычная перадача складаецца з аб’ёмнай помпы (вядучае звяно), аб’ёмнага гідраўлічнага рухавіка, рэзервуара для рабочай вадкасці і трубаправодаў (часам замест помпы выкарыстоўваюць гідраакумулятар). Рабочая вадкасць засмоктваецца помпай у яе рабочыя камеры, а затым напампоўваецца ў рабочыя камеры гідрарухавіка (гідраматора, гідрацыліндра). З гідрарухавіка вадкасць зліваецца ў рэзервуар, адкуль зноў засмоктваецца помпай. Рэгуляванне скорасці гідрарухавіка ажыццяўляецца зменай аб’ёмаў рабочых камер. Прамысл. выкарыстанне гідрастатычнай перадачы адносяць да 1795, калі быў вынайдзены гідраўлічны прэс, з 1920—30-х г. пачала выкарыстоўвацца ў металарэзных станках і інш. машынах.

т. 5, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)